ТЫЗЕНГА́ЎЗА РЭФО́РМА,
сістэма эканам. мерапрыемстваў у каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ у 1760—70-я г., праведзеных па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза. Рэформа прадугледжвала: аднаўленне ў эканоміях фальваркаў з паляпшэннем апрацоўкі зямлі і выкарыстаннем зах.-еўрап. тэхнікі; арганізацыю ў эканоміях мануфактур, заснаваных на дармавой працы каралеўскіх сялян; стварэнне разгалінаванай сістэмы сухапутных шляхоў і сплаву па рэках для стымулявання гандлю. Т.р. пачалася ў 1765 з перамеру зямлі. Для сялян была створана своеасаблівая сістэма страхавання («камунальныя магазіны» з рэзервовым запасам збожжа і «камунальныя касы»). У выніку рэформы сяляне эканомій пазбавіліся злоўжыванняў з боку арандатараў і трымальнікаў, набылі магчымасць пашыраць сваё землекарыстанне за кошт прыёмнай зямлі, са згоды адміністрацыі мелі права на перадачу зямлі па спадчыне. Значна выраслі даходы скарбу ВКЛ. Але павышэнне прыбыткаў было вынікам не толькі ўдасканалення гаспадаркі, але і дадатковага абцяжарання сельскага насельніцтва, якое не прыняло рэформу. Узмацненне павіннаснага абкладання сялян у выніку прывяло да пагаршэння эканам. становішча феадальна-залежнага насельніцтва эканомій. Рэформа не была канчаткова рэалізавана ў сувязі з унутрыпаліт. (адхіленне Тызенгаўза ад пасады і інш.) і знешнепаліт. (падзелы Рэчы Паспалітай) падзеямі.
І.Ф.Кітурка.
т. 16, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)